Творчая сустрэча кіраўчан з аўтарам і выканаўцам Аляксандрам Каралёвым
У відэазале раённага Дома культуры адбылася творчая сустрэча з аўтарам і выканаўцам лірычнага шансона Аляксандрам Каралёвым. Яго творчасць вядомая ў Беларусі і ва Украіне.
Вядомасць да артыста, які пражывае ў Мінску, прыйшла ў 2004 годзе пасля выхаду ў тэлеэфір кліпаў на песні “А калі я прыеду дадому” і “Перон”. Усяго ў Аляксандра Каралёва выйшлі 3 альбомы. Выконвае шансанье песні выключна ўласнага сачынення.
Асноўная дзейнасць Аляксандра Каралёва — канцэртная. Але шансонам творчасць не абмяжоўваецца. Ён таксама захапляецца літаратурай, з’яўляецца аўтарам двух раманаў. Першы з іх — дэтэктыўны твор “Тры дзявяткі 999” выйшаў у свет у 2005 годзе. Падзеі ў ім разгортваюцца на адным з расійскіх золатаплавільных заводаў, у аснову пакладзены рэальныя падзеі. Другі раман — трылер “Чырвонае сонца” — выйшаў у 2017 годзе. Зараз Аляксандр Каралёў піша трэцюю кнігу “Золата Івана Грознага”, заснаваную на легендзе, а таксама збірае матэрыял для для яшчэ аднаго рамана пад рабочай назвай “Асаблівая нацыя” аб славянскіх народах — беларусах, расіянах і ўкраінцах.
Як расказаў госць, уражанні, сюжэты ён бярэ ў рэальным жыцці, падчас сустрэч і гутарак з людзьмі, з уласных назіранняў за ўсім, што адбываецца вакол нас. Пэўныя эпізоды аўтар выкарыстоўвае для літаратурнай творчасці, некаторыя становяцца асновай песень.
Аляксандр Каралёў адказаў на пытанні прысутных, раздаў аўтографы жадаючым. А ўвечары гледачы маглі бліжэй пазнаёміцца з яго песеннай творчасцю на аўтарскім канцэрце ў глядзельнай зале РДК.