Кіраўскія сувязісты робяць стаўку на якасць аказваемых паслуг
Якімі б хуткімі тэмпамі ў наша штодзённае жыццё ні прыходзілі сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, людзі па-ранейшаму выпісваюць і чытаюць газеты і часопісы, пішуць і атрымліваюць лісты і паштоўкі. А гэта значыць, што прафесія паштальёна была і застаецца запатрабаванай і неабходнай. Кожны дзень з сумкай на рамяні яны абыходзяць дамы горада і сельскіх населеных пунктаў.
Амаль чатыры месяцы таму ўлілася ў дружны калектыў паштальёнаў раённага вузла паштовай сувязі Ганна Бялянава. Нягледзячы на невялікі пакуль стаж, работа ёй вельмі падабаецца, даручаную справу выконвае дасканала. Яна разумеее, што ў тым ліку і ад яе ўмення знайсці падыход да кожнага гараджаніна, залежыць тыраж той ці іншай газеты. У зоне асаблівай увагі — падпіска на раённую газету “Кіравец”, бо, як адзначыла жанчына, гэта адзінае выданне, з якога можна падрабязна даведацца пра ўсе навіны Кіраўшчыны.
Пакуль Ганна спяшаецца даставіць падпісчыкам іх выданні, карэспандэнцыю, дома яе чакаюць муж і тры дачушкі.
___________________________
Сярод асноўных накірункаў дзейнасці калектыву раённага вузла электрычнай сувязі — поўнае і своечасовае задавальненне патрэб кліентаў у сучасных паслугах электрасувязі.
Найбольшую колькасць заявак спецыялісты атрымліваюць на падключэнне да высокахуткаснага інтэрнэту і інтэрактыўнага тэлебачання «ZALA». Апошнім часам сувязісты займаюцца пераводам шматпавярховых дамоў горада на магчымасць атрымання розных мультысервісных паслуг сувязі па валаконна-аптычнай тэхналогіі.
Усе лініі электрасувязі, якіх на балансе РВЭС больш за 2550 км, патрабуюць пастаяннага абслугоўвання і рамонту. Кантралюе правядзенне работ, якія выконваюць электрамеханікі Максім Кед і Аляксандр Шарамет, начальнік лінейна-тэхнічнага ўчастка Ігар Бокі.
Начальнік лінейна-тэхнічнага ўчастка Ігар Бокі
Электрамеханікі Максім Кед і Аляксандр Шарамет.