На Любоніцкім участку для галасавання
Мілагучнымі песнямі сустракаў выбаршчыкаў народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Спадчына” на Любоніцкім участку для галасавання №32. Кіраўнік і ідэйны натхняльнік “Спадчыны” Іван Адамавіч Салановіч такім вось чынам вырашыў зрабіць дзень выбараў па-сапраўднаму святочным для вяскоўцаў. На некалькі хвілін адклаўшы гармонік і бубны, Іван Адамавіч разам са сваёй вернай спадарожніцай жыцця Марыяй Іванаўнай прагаласавалі за таго кандыдата, якому вырашылі даверыць прадстаўляць інтарэсы выбаршчыкаў раёна ў Палаце прадстаўнікоў парламента.
Як адзначыла старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Святалана Мелех, у спісы выбаршчыкаў на іх участку для галасавання ўнесена 555 чалавек. Многія сяльчане прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні. Да грамадзян, якія, напрыклад, па стане здароўя, не маюць магчымасці наведацца на ўчастак для галасавання, і звярнуліся ва ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць іх галасаванне па месцы знаходжання, выязджаюць члены камісіі са скрыняй для бюлетэняў. Такой магчымасцю скарысталіся ўжо 70 чалавек.
Мнагадзетная маці Наталля Аўсянік завітала на ўчастак для галасавання разам з сынамі-двайнятамі Аляксеем і Міхаілам (старэйшая дачка навучаецца ў Магілёўскім архітэктурна-будаўнічым каледжы). Зрабіўшы свой выбар, Наталля Віктараўна адзначыла, што яна прагаласавала за стабільнасць, за паляпшэнне дабрабыту беларусаў, за мірную і спакойную краіну, за светлую будучыню сваіх дзяцей.