На выбары — усёй сям’ёй
На Баравіцкі ўчастак для галасавання №40 разам прыйшла дружная сям’я Уладзіміра і Алены Юдзіных з дзецьмі Алінай, Мікітам і Арцёмам.
Прагаласаваўшы, Алена Юдзіна адзначыла, што даўно для сябе вырашыла, што не прымаць удзел у выбарах проста не мае права. Таму, што павінна думаць аб будучым сваіх дзяцей, аб тым, у якой краіне яны будуць жыць, вучыцца і працаваць. Па словах жанчыны, ёй вельмі хацелася б, каб у Беларусі па-ранейшаму аказвалася дзяржаўная падтрымка мнагадзетным сем’ям, каб яе дзеці-школьнікі мелі магчымасць у далейшым выбіраць, дзе і якую атрымаць прафесію, каб былі забяспечаны першым рабочым месцам.
У хуткім часе шчаслівую сям’ю Юдзіных чакае прыемная падзея: яны пераедуць у новую кватэру ў Кіраўску, якую пабудавалі з падтрымкай дзяржавы.
Па-святочнаму ўпрыгожаным сустракалі выбаршчыкаў на Скачкоўскім ўчастку для галасавання №41. Вяскоўцы з добрым настроем, адклаўшы свае справы, прыйшлі на ўчастак, каб зрабіць свой выбар.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся з карэспандэнтам “раёнкі” майстар лесасекі Скачкоўскага лесаўчастка ААТ “Фандок” Іван Сапёрскі.
- Для мяне сённяшні дзень — двайное свята. Па першае, прымаю ўдзел у важнай палітычнай падзеі — выбарах. А па-другое, сёння ў мяне дзень нараджэння. Я спецыяльна не галасаваў датэрмінова, вырашыў аб’яднаць гэтыя дзве важныя для мяне падзеі. Спадзяюся, што кандыдат у дэпутаты, за якога я прагаласаваў на выбарах, у выпадку выбрання ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь будзе абараняць інтарэсы простых людзей і зробіць усё ад яго залежачае, каб паляпшаўся дабрабыт грамадзян.
Наталля ХАДАКОВА, Таццяна БАРАДЗІНА, Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.