Сяльчане дзяліліся ўражаннямі
Шматлюдна было на Казуліцкім участку для галасавання №30. Сяльчане, прагаласаваўшы, не спяшаліся разыходзіцца па дамах, з задавальненнем дзяліліся адзін з адным уражаннямі аб сённяшнім важным для краіны дні. Многія абмяркоўвалі перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у дэпутаты і, канешне ж, выказвалі спадзяванне, што людзі, якія ў далейшым будуць прымаць праекты законаў, у першую чаргу, будуць думаць пра сваіх выбаршчыкаў, абараняць іх інтарэсы, дапамагаць у вырашэнні ўзнікаючых сацыяльна значных пытанняў.
Загадчык Казуліцкага сельскага клуба Валянціна Кісель, якая, дарэчы, прысвяціла галіне культуры больш за 45 гадоў жыцця, прыняўшы ўдзел у галасаванні, выказала спадзяванне, што ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь будуць абраны дастойныя дэпутаты, якія стануць надзейнай апорай беларускаму народу.
Аб тым, што сённяшні дзень вельмі важны і значны для беларусаў, можна было ўпэўніцца, наведаўшы Пацава-Слабадскі ўчастак для галасавання №29.
Як адзначыла старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Іна Мянькова, на іх участку падчас выбараў заўсёды адзначаецца высокі працэнт яўкі выбаршчыкаў. Гэта значыць, што вяскоўцам неабыякавая будучыня Беларусі.
Свой выбар зрабіла і жыхарка в.Пацава Слабада, маладая маці Юлія Сідарэнка. Яна завітала на ўчастак для галасавання разам са сваёй гадавалай дачушкай Насценькай. Як адзначыла жанчына, яна вельмі спадзяецца, што ў нашай краіне будзе працягнута работа па сацыяльнай абароне сем’яў з дзецьмі. А яшчэ Юлія Міхайлаўна адзначыла, што вельмі хацела б, каб жылі вёскі, і сяльчане не пакідалі вёскі.
Юлія Сідарэнка, як соты выбаршчык, які прыняў удзел у галасаванні, атрымала з рук дырэктара Пацава-Слабадскога СДК Анжалікі Русецкай падарунак.